Пітчынг-сесія
Тэма: Музейная педагогіка як сродак фарміравання асноў грамадзянскасці і патрыятызму ў дашкольнікаў.
Слайд1
Добры дзень, паважаныя калегі!
Вас рады вітаць педагогі Вілейшчыны. Я – Алена Яўгеньеўна, мая калега – Наталля Леанідаўна.
Слайд 2
Сёння мы раскажам пра наш вопыт работы па грамадскаму і патрыятычнаму выхаванню, пра тое, як выхоўваем у дзяцей цікавасць, любоў і павагу да роднага краю, аграгарадка Ілья і нашых землякоў. І не толькі раскажам, штосьці, нават, пакажам.
Слайд 3
У рабоце з дзецьмі мы выкарыстоўваем магчымасці сацыяльнага асяроддзя. Сістэма работы ўключае ў сябе тры блокі, якія аб'ядноўваюць знаёмства з культурай і побытам беларусаў, узаемадзеянне са школай і знаёмства з аграгарадком.
Слайд 4
Як часта вашы выхаванцы могуць наведваць сапраўдны музей? (адказы прысутных)
У нашых выхаванцаў есць магчымась рабіць гэта часцей! Нягледзячы на тое, што мы жывём у аграгарадку, у нас ёсць некалькі сапраўдных музеяў.
Слайд 5
Больш за 10 гадоў таму ў нашым дзіцячым садзе пачаў стварацца этнапакой, які на дадзены момант уяўляе сабой міні-музей, які змяшчае больш за сто экспанатаў. Папаўненне экспазіцый – бесперапынны працэс, у якім прымаюць удзел, як супрацоўнікі дзіцячага сада і бацькі, так і простыя жыхары аграгарадка Ілья і суседніх вёсак.
Слайд 6
Як вы лічыце, у чым плюсы міні-музея ў дзіцячым садзе? (адказы прысутных)
Наш міні-музей-гэта не сховішча рэчаў, а інтэрактыўная адукацыйная прастора для сумеснага творчага пошуку дзяцей і дарослых. Менавіта тут для кожнага дзіцяці адкрываецца магчымасць першага знаёмства з гісторыяй і традыцыямі роднага краю.
Слайд 7,8,9,10
Акрамя традыцыйных гульняў-заняткаў, правядзення народных святаў і забаў, квэст-гульняў, дзеці выступаюць у ролі экскурсаводаў. Педагогамі распрацаваны цыкл экскурсій па міні-музеі: «Беларуская народная цацка», «Нацыянальны касцюм», «Прадметы побыту», «Посуд».
Слайд 11
Тут, у музейным пакоі ладзяцца майстар-класы для дзяцей і бацькоў. Захавальнікамі памяці пакаленняў, традыцый і звычаяў з'яўляюцца старшыя члены сем'яў выхаванцаў – бабулі і дзядулі. Менавіта яны перадаюць маладому пакаленню свой вопыт і сакрэты народных рамёстваў: мастацтва выцінанкі, вязанне, пляценне з лазы, выраб лялек-абярэгаў.
Слайд 12
Як вы думаеце, што гэта? Для чаго патрэбен гэты прадмет? (адказы прысутных)
Слайд 13,14
Так і ў дзяцей пры наведванні міні-музея ўзнікаюць самыя неверагодныя меркаванні, якія кладуцца ў аснову даследчых работ. Так, наша выхаванка Ерашонак Дзіяна ўдзельнічала ў раённым этапе конкурса «Я – даследчык» з прадстаўленнем работ: «Чаму старадаўнія прадметы так доўга захоўваюцца ў зямлі», «Незвычайныя ўласцівасці поўсці». Таксама педагогамі быў рэалізаваны адукацыйны праект «Гісторыя маёй сям'і – гісторыя маёй краіны».
Слайд 15
Вынікам адукацыйнага проекту з бацькамі «Па старонках гісторыі старадаўніх рэчаў» сталі тэматычныя інтэрактыўныя кніжкі.
Слайд 16
Ці ведаеце вы, што такое стужка часу? (адказы прысутных)
Стварэнне стужкі часу-займальны занятак не толькі для дзяцей, але і для дарослых. Усё пачынаецца са старадаўняга музейнага экспаната, а ўвасабляецца ў развіваючую гульню (паказваем).
Слайд 17
Наш міні-музей цікавы і для вучняў Ільянскай школы. Мы праводзім сумесныя святы, віктарыны, конкурсы, выставы і гульнявыя квэсты.
Слайд 18
Гонарам аграгарадка Ілья з'яўляецца школа, у якой дзейнічаюць два музеі, якія атрымалі званне народных: «Ільянскія далягляды» і «Вілейшчына літаратурная».
Слайд 19, 20
Нашы выхаванцы сталі пастаяннымі наведвальнікамі музеяў школы. Экскурсіі для дзяцей праводзяць экскурсаводы-школьнікі, якія ў даступнай форме знаёмяць з багатай гісторыяй, традыцыямі і славутасцямі нашага аграгарадка, знакамітымі землякамі. Першакласнікі працягваюць даследчыя працы, якія пачыналі ў дзіцячым садзе. (Ерашонак Дзіана даследчая работа «Сімвалічныя ўзоры ручнікоў»).
Слайд 21
Знаёмячыся з гісторыяй аграгарадка Ілья, дзеці знаходзяць сляды мінулага ў сучаснасці. Малыя з захапленнем і цікавасцю пазнаюць на старых фотаздымках добра знаёмыя ім будынкі і вуліцы, узнікае жаданне даведацца іх гісторыю, наведаць гэтыя месцы і параўнаць, якімі яны сталі цяпер. Так аб'ядноўваюцца музейная педагогіка і сучаснасць.
Слайд 22
Ці добра вы ведаеце, у гонар каго ці ў гонар якой падзеі названа ваша вуліца? (адказы прысутных).
А нашы выхаванцы ведаюць!
У аграгарадку Ілья 14 вуліц, некаторыя з іх маюць гістарычныя назвы. Мы вырашылі прыцягнуць бацькоў да стварэння сямейных віртуальных экскурсій па вуліцах аграгарадка.
Слайд 23
Выкарыстоўваем і магчымасці рэальных экскурсій па аграгарадку, якія пакідаюць яскравыя ўражанні ў дзяцей. Знаёмства з аграгарадком пачынаецца з памятнага знака, устаноўленага да 540-годдзя Ільі. Цікавымі і пазнавальнымі для дзяцей з'яўляюцца экскурсіі ў амбулаторыю, паліклініку, пажарна аварыйна-выратавальны пост, аддзяленне сувязі, дом культуры, сельвыканкам, а таксама да гістарычных помнікаў.
Слайд 24
Вельмі хочацца, каб нашы дзеці пасля заканчэння школы засталіся жыць і працаваць у роднай весцы. Як кажуць, дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся. Для гэтага арганізаваны пазнавальныя экскурсіі ў Ільянскі аграрны каледж.
Падчас экскурсіі дзеці ў краязнаўчым музеі знаемяцца з гісторыяй узнікнення каледжа, наведваюць заалагічны музей, аўдыторыю анатоміі і вучэбную лабараторыю, дзе маецца магчымасць убачыць пад электронным мікраскопам тое, што не ўбачыць звычайны зрок, і бліжэй пазнаеміцца з запатрабаванымі сельскагаспадарчымі прафесіямі: урач ветэрынарнай медыцыны і заатэхнік.
Слайд 25
Вось так мы, педагогі ДУА «Ільянскі яслі-сад», рэалізуем задачы грамадзянскага і патрыятычнага выхавання падчас азнаямлення дзяцей з сацыяльнымі аб'ектамі бліжэйшага ассяроддзя, вынікова выкарыстоўваючы пры гэятым сродкі музейнай педагогікі.
Калі вас зацікавіў наш вопыт, прыязжайце да нас у аграгарадок Ілья, што на Вілейшчыне.