Адукацыйны працэс

      Пройдзе час,  і сённяшнія дашкольнікі будуць вызначаць будучае нашай краіны. І вельмі важна менавіта зараз звярнуць увагу на выхаванне ў падрастаючага пакалення патрыятычных пачуццяў. Патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення - адна з самых актуальных задач нашага часу. Выхаваць чалавека і грамадзяніна - гэта самае патрэбнае і самае цяжкае як для сям'і, так і для краіны. Старадаўняя мудрасць вяшчае: "Чалавек, які не ведае сваё мінулае, не ведае нічога". Без ведання сваіх каранёў, традыцый свайго народа нельга выхаваць паўнавартаснага чалавека. Дзецям неабходна ведаць і вывучаць культуру сваіх продкаў. Менавіта акцэнт на веданні гісторыі свайго народа, яго культуры, перадачы вопыту старэйшага пакалення, дапаможа выхаваць патрыёта свайго народа. 

      У рабоце з дзецьмі па патрыятычнаму выхаванню мы выкарыстоўваем магчымасці сацыяльнага асяроддзя.  Сістэма работы ўключае ў сябе тры блокі, якія аб'ядноўваюць знаёмства з культурай і побытам беларусаў (этнаграфічны пакой), узаемадзеянне са школай  і знаёмства з аграгарадком.

Пітчынг-сесія Тэма: Музейная педагогіка як сродак фарміравання асноў грамадзянскасці і патрыятызму ў дашкольнікаў.

Пітчынг-сесія

Тэма: Музейная педагогіка як сродак фарміравання асноў грамадзянскасці і патрыятызму ў дашкольнікаў.

 

Слайд1

Добры дзень, паважаныя калегі!

Вас рады вітаць педагогі Вілейшчыны. Я – Алена Яўгеньеўна, мая калега – Наталля Леанідаўна.

Слайд 2

Сёння мы раскажам пра наш вопыт работы па грамадскаму і патрыятычнаму выхаванню, пра тое, як выхоўваем у дзяцей цікавасць, любоў і павагу да роднага краю, аграгарадка Ілья і нашых землякоў. І не толькі раскажам, штосьці, нават, пакажам.

Слайд 3

У рабоце з дзецьмі мы выкарыстоўваем магчымасці сацыяльнага асяроддзя. Сістэма работы  ўключае ў сябе тры блокі, якія аб'ядноўваюць знаёмства з культурай і побытам беларусаў, узаемадзеянне  са школай і знаёмства з аграгарадком.

Слайд 4

Як часта вашы выхаванцы могуць наведваць сапраўдны музей? (адказы прысутных)

У нашых выхаванцаў есць магчымась рабіць гэта часцей! Нягледзячы на тое, што мы жывём у аграгарадку, у нас ёсць некалькі сапраўдных музеяў.

Слайд 5

Больш за 10 гадоў таму ў нашым дзіцячым садзе пачаў стварацца этнапакой, які на дадзены момант уяўляе сабой міні-музей, які змяшчае больш за сто экспанатаў. Папаўненне экспазіцый – бесперапынны працэс, у якім прымаюць удзел, як супрацоўнікі дзіцячага сада і бацькі, так і простыя жыхары аграгарадка Ілья і суседніх вёсак.

Слайд 6

Як вы лічыце, у чым плюсы міні-музея ў дзіцячым садзе? (адказы прысутных)

Наш міні-музей-гэта не сховішча рэчаў, а інтэрактыўная адукацыйная прастора для сумеснага творчага пошуку дзяцей і дарослых. Менавіта тут для кожнага дзіцяці адкрываецца магчымасць першага знаёмства з гісторыяй і традыцыямі роднага краю.

Слайд 7,8,9,10

Акрамя традыцыйных гульняў-заняткаў, правядзення народных святаў і забаў, квэст-гульняў, дзеці выступаюць у ролі экскурсаводаў. Педагогамі распрацаваны цыкл экскурсій па міні-музеі: «Беларуская народная цацка», «Нацыянальны касцюм», «Прадметы побыту», «Посуд».

Слайд 11

Тут, у музейным пакоі ладзяцца майстар-класы для дзяцей і бацькоў. Захавальнікамі памяці пакаленняў, традыцый і звычаяў з'яўляюцца старшыя члены сем'яў выхаванцаў – бабулі і дзядулі. Менавіта яны перадаюць маладому пакаленню свой вопыт і сакрэты народных рамёстваў: мастацтва выцінанкі, вязанне, пляценне з лазы, выраб лялек-абярэгаў.

Слайд 12

Як вы думаеце, што гэта? Для чаго патрэбен гэты прадмет? (адказы прысутных)

Слайд 13,14

Так і ў дзяцей пры наведванні міні-музея ўзнікаюць самыя неверагодныя меркаванні, якія кладуцца ў аснову даследчых работ. Так, наша выхаванка Ерашонак Дзіяна ўдзельнічала ў раённым этапе конкурса «Я – даследчык» з прадстаўленнем работ: «Чаму старадаўнія прадметы так доўга захоўваюцца ў зямлі», «Незвычайныя ўласцівасці поўсці». Таксама педагогамі быў рэалізаваны адукацыйны праект «Гісторыя  маёй сям'і – гісторыя маёй краіны».

Слайд 15

Вынікам адукацыйнага проекту з бацькамі «Па старонках гісторыі старадаўніх рэчаў» сталі тэматычныя інтэрактыўныя кніжкі.

Слайд 16

Ці ведаеце вы, што такое стужка часу? (адказы прысутных)

Стварэнне стужкі часу-займальны занятак не толькі для дзяцей, але і для дарослых. Усё пачынаецца са старадаўняга музейнага экспаната, а ўвасабляецца ў развіваючую гульню (паказваем).

Слайд 17

Наш міні-музей цікавы і для вучняў Ільянскай школы. Мы праводзім сумесныя святы, віктарыны, конкурсы, выставы і гульнявыя квэсты.

Слайд 18

Гонарам аграгарадка Ілья з'яўляецца школа, у якой дзейнічаюць два музеі, якія атрымалі званне народных: «Ільянскія далягляды» і «Вілейшчына літаратурная».

Слайд 19, 20

Нашы выхаванцы сталі пастаяннымі наведвальнікамі музеяў школы. Экскурсіі для дзяцей праводзяць экскурсаводы-школьнікі, якія ў даступнай форме знаёмяць з багатай гісторыяй, традыцыямі і славутасцямі нашага аграгарадка, знакамітымі землякамі. Першакласнікі працягваюць даследчыя працы, якія пачыналі ў дзіцячым садзе.  (Ерашонак Дзіана даследчая работа «Сімвалічныя ўзоры ручнікоў»).

Слайд 21

Знаёмячыся з гісторыяй аграгарадка Ілья, дзеці знаходзяць сляды мінулага ў сучаснасці. Малыя з захапленнем і цікавасцю пазнаюць на старых фотаздымках добра знаёмыя ім будынкі і вуліцы, узнікае жаданне даведацца іх гісторыю, наведаць гэтыя месцы і параўнаць, якімі яны сталі цяпер. Так аб'ядноўваюцца музейная педагогіка і сучаснасць.

Слайд 22

Ці добра вы ведаеце, у гонар каго  ці ў гонар якой падзеі названа ваша вуліца? (адказы прысутных).

А нашы выхаванцы ведаюць!

У аграгарадку Ілья 14 вуліц, некаторыя з іх маюць гістарычныя назвы. Мы вырашылі прыцягнуць бацькоў да стварэння сямейных віртуальных экскурсій па вуліцах аграгарадка.

Слайд 23

Выкарыстоўваем і магчымасці рэальных экскурсій па аграгарадку, якія пакідаюць яскравыя ўражанні ў дзяцей. Знаёмства з аграгарадком пачынаецца з памятнага знака, устаноўленага да 540-годдзя Ільі. Цікавымі і пазнавальнымі для дзяцей з'яўляюцца экскурсіі ў амбулаторыю, паліклініку, пажарна  аварыйна-выратавальны пост, аддзяленне сувязі, дом культуры, сельвыканкам, а таксама да гістарычных помнікаў.

Слайд 24

Вельмі хочацца, каб нашы дзеці пасля заканчэння школы засталіся жыць і працаваць у роднай весцы. Як кажуць, дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся.  Для гэтага арганізаваны пазнавальныя экскурсіі ў Ільянскі аграрны каледж.

Падчас экскурсіі дзеці ў краязнаўчым музеі знаемяцца з гісторыяй узнікнення каледжа, наведваюць заалагічны музей, аўдыторыю анатоміі і вучэбную лабараторыю, дзе маецца магчымасць убачыць пад электронным мікраскопам тое, што не ўбачыць звычайны зрок, і бліжэй пазнаеміцца з запатрабаванымі сельскагаспадарчымі прафесіямі: урач ветэрынарнай медыцыны і заатэхнік.

Слайд 25

Вось так мы, педагогі ДУА «Ільянскі яслі-сад», рэалізуем задачы грамадзянскага і патрыятычнага выхавання падчас азнаямлення дзяцей з сацыяльнымі аб'ектамі бліжэйшага ассяроддзя, вынікова выкарыстоўваючы пры гэятым сродкі музейнай педагогікі.

Калі вас зацікавіў наш вопыт, прыязжайце да нас у аграгарадок Ілья, што на Вілейшчыне.

свернуть
Пітчынг-сесія Тэма: Музейная педагогіка як сродак фарміравання асноў грамадзянскасці і патрыятызму ў дашкольнікаў.
Фрагмент відэаэкскурсіі ў школьны краязнаўчы музей "Ільянскія далягляды"
Фрагмент відэаэкскурсіі па этнаграфічным пакоі "Беларуская хатка"